Лягатып Незалежны Барысаў
©akim | barysau@tut.by
Нашыя арганізацыі
|На галоўную| |Аб праэкце| |Архіў| |Зваротная сувязь| |Спасылкі|
Байкот-2000
Выступае Анатоль Аскерка «Байкот-2000». Пад такой назвай у мінулую нядзелю ў старой частцы Барысава дэмакраты правялі несанкцыянаваную акцыю "супраць ілжывых выбараў у Палату прадстаўнікоў", якія, як вядома, прызначаныя на 15 кастрычніка. Мерапрыемства было зарганізаванае кіраўніком барысаўскай філіі грамадзянскага аб'яднаньня БНФ "Адраджэньне" Анатолем Аскеркай.

Нягледзячы на нешматлікую публіку - чалавек 50-60 - у натоўпе хадзілі два мужчыны ў цывільным зь відэакамэрай на плячох. Яны здымалі пад прыкрыцьцём двух ахоўнікаў парадку ў крапавай форме зь вялікімі зоркамі на пагонах. У адным зь іх барысаўцы прызналі вядомага "душыцеля дэмакратыі" (намесьніка кіраўніка Барысаўскага гарадзкога адзьдзелу ўнутраных справаў па грамадзянскай бясьпецы) падпалкоўніка міліцыі Падабеда Ф. Н.

Тут прысутнічалі й журналісты (барысаўскія й сталічныя) і нават двое гасьцёў з Швэцыі, якія прыехалі сюды з прадстаўнікамі Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Яшчэ да пачатку акцыі тры сталыя жанчыны спрабавалі было зацяміць прыйшоўшым, што "гэтыя апазыцыянэры атрымалі даляры і зараз "коцяць бочкі" на прэзыдэнта, выбары...". На "правакатараў" зацыкалі людзі больш маладыя. Дама інтылегентнага выгляду вельмі даходліва патлумачыла пэнсыянэрцы, што яны атрымоўваюць жабрацкую пэнсыю, і давольныя да немагчымасьці...

"Няхай працаваць ідуць!" - ня ўймалася адна старушэнцыя. "Напіліся і мітынгуюць," - злосна крычала іншая.

І тут погляды народу пераключыліся на Анатоля Аскерку, які зьвярнуўся да людзей з просьбай не хадзіць на выбары, бо "фальсыфікацыя непазьбежная, і ўлады зробяць усё магчымае й немагчымае, каб у нелегетымны орган - Палату - прыйшлі тыя, хто згодны з курсам прэзыдэнта". Казаў ён добра - па тварах бальшыні было бачна, што ўва многім яны пагаджаюцца з выступоўцай.

Дарэчы, у гэты дзень акцыя байкоту "Выбараў-2000" прайшла ў Слоніме, Воршы, Лідзе, Бабруйску, Жодзіна, Віцебску, Менску, Гомлі, Магілеве, Баранавічах, Маладэчна й інш. гарадох Беларусі. Па думках наглядальнікаў, у ёй прынялі ўдзел каля сотні тысячаў грамадзянаў. Гэтае шырокае мерапрыемства сталася працягам "Маршу Свабоды-3", які прайшоў у Менску з мэтай падтрымкі кампаніі няўдзелу ў надыходзячых выбарах.
Па зьвестках Радыё Свабода
8 кастрычніка ў Барысаве ў цэнтры Старога гораду адбылася сустрэча прадстаўнікоў апазыцыі з выбаршчыкамі. У выніку адбыўся шматлюдны мітынг. Паводле назіральнікаў, толькі прысутнасьць на акцыі тэхнічнай групы АБСЭ, а таксама карэспандэнтаў швэдзкіх, гішпанскіх ды іншых міжнародных прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі, перашкодзіла разгону акцыі.

Плякаты, зь якімі сёньня апоўдні паўсталі сябры партыі БНФ, Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады, БСДП “Народная Грамада”, Аб'яднанай грамадзянскай партыі, Маладога Фронту і Маладой Грамады, былі, у асноўным жартаўлівага зьместу. Напрыклад, “лепш зь сябрамі піва піць, альбо лепш з каханым бавіць час, чым чым на выбары імчаць”.

На самым пачатку акцыі спрабавалі ўчыніць бойку пэнсыянэры, якія гэткім чынам хацелі выказаць сваю прыхільнасьць да Аляксандра Лукашэнкі.

Але хлопцы зь мясцовага спартова-патрыятычнага клюбу “Волат” хутка супакоілі гэтую публіку і прапанавалі задаваць істотныя пытаньні арганізатарам акцыі.

У гэты момант каля заяўніка акцыі, старшыні філіі партыі БНФ Анатоля Аскеркі, зьявіўся намесьнік начальніка ГАУС падпалкоўнік Падабед. Ён дазволіў 10 хвілінаў пагутарыць арганізатарам акцыі зь людзьмі, а пасьля разыходзіцца, бо акцыя не дазволеная ўладамі.

У адваротным выпадку падпалкоўнік абяцаў розныя непрыемнасьці. Ён сказаў, што хаця акцыя і недазволеная ўладамі, ён і ягоныя калегі знаходзяцца тут дзеля таго, каб забясьпечыць грамадзкі парадак.

Пайшла ажыўленая гутарка, у якой узялі ўдзел Анатоль Аскерка, сябра сойму партыі БНФ Юрась Зянковіч, старшыня філіі БСДГ Генадзь Гаўрусеў, Ніна Каляда і жыхары Барысава. Тэма – выбары.

Група мясцовых РНА-шнікаў, якая зьявілася нечакана, не наважылася перашкодзіць мерапрыемству.
Сайт управляется системой uCoz